Хакеісты пасадзілі лес

with Комментариев нет

Закончыліся спаборніцтвы па хакеі сярод дзяцей і падлеткаў на прыз Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Залатая шайба”. Сярэбраныя прызёры спаборніцтваў “Арляняты” стомленыя, але задаволеныя вынікам, вярнуліся дамоў: яшчэ адзін хакейны сезон дастойна завершаны. 
Не паспелі адгучаць віншаванні ў адрас хакеістаў, як для іх знайшлася новая справа. “Арляняты” дружна падтрымалі ініцыятыву свайго трэнера У.У. Хэлскага дапамагчы Зачэпічскаму лясніцтву ў пасадцы лесу. Лясніцтва забяспечыла неабходны фронт работ: дзялянку, саджанцы, інвентар.
Засадзіць дзялянку плошчай 1,4 гектары бярозкамі і соснамі не зусім лёгкая справа: патрэбна і сіла, і фізічная вынослівасць, і пэўныя уменні і навыкі. Аднак, як прызналіся хлопчыкі, на лядовай пляцоўцы ў час гульні бывае цяжэй. Спартыўная падрыхтоўка дапамагла ім і ў працоўнай дзейнасці. Да таго ж, кожны з іх разумеў значнасць справы, якую выконваюць: зрабіць нашу родную Беларусь яшчэ прыгажэйшай!
Заробленыя грашовыя сродкі за пасадку лесу было вырашана залічыць на кошт установы адукацыі для набыцця спартыўнага абсталявання. Падрыхтоўка да новага хакейнага сезона не спыняецца на працягу года, а новае спартыўнае абсталяванне будзе як раз дарэчы.